Праект закона “Аб абыходжанні з жывёламі”: вынікі грамадскага абмеркавання застаюцца ў таямніцы

Дата публікацыі: 15.03.2017

Тры гады таму, пасля шэрагу безматыўна і наўмысна жорсткіх забойстваў жывёлаў-кампаньёнаў, зьдзейсьненых невядомым маньякам, беларуская грамадскасць пачала актыўна выказваць занепакоенасць адсутнасцю ў нашай краіне закону “Аб абыходжанні з жывёламі”. Ва ўладныя структуры былі адпраўленыя тысячы зваротаў грамадзянаў, калектыўныя звароты зааабарончых аб’яднанняў, вядомых у краіне людзей  – музыкаў, пісьменнікаў, палітыкаў. Гэта дало свой плён, і ўвесну 2015 году законапраект пачаў распрацоўвацца, і да гэтага працэсу былі прыцягнутыя прадстаўнікі профільных грамадскіх арганізацыяў. Аднак, неўзабаве вынікі працы былі фактычна скасаваныя, і варыянт законапраекта, які патрапіў у кастрычніку 2015-га году на разгляд у Палату Прадстаўнікоў, істотна адрозніваўся ад папярэдне ўзгодненага на Рабочых групах. Дэпутаты, фактычна, замест яго вярнуліся да праекту, які існаваў яшчэ ў 2011 годзе (закон спрабавалі і тады прыняць, але беспаспяхова), і ўнеслі некаторыя папраўкі. Такі, напрыклад, істотны і прынцыпова важны раздзел, як “Адлоў жывёлаў” знік.

Увесну 2016 году было абвешчанае грамадскае абмеркаванне, у межах якога была скіраваная вялікая колькасць прапановаў ад грамадзянаў і грамадскіх арганізацыяў па ўдасканаленні праекта закона. Аднак, хоць прамінуў амаль год, ніякай інфармацыі аб тым, ці былі яны ўлічаныя ў праекце няма.

Таму, у мінулым месяцы абаронцы жывёлаў накіравалі ліст старшыні камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву Дарагакупцу Ю.І. (за гэтай камісіяй замацаваны законапраект) з просьбай азнаёміць грамадскасць з вынікамі грамадскага абмеркавання. У адказ прыйшоў ліст, у якім заяўлена, што “вести речь о его [законопроекта] содержании преждевременно”, бо ён узгадняецца ў розных зацікаўленых арганізацыях. Хацелася б адзначыць, што грамадскія зааабарончыя арганізацыі без усялкіх сумневаў таксама зьяўляюцца зацікаўленымі суб’ектамі ў гэтым пытанні, і ў адпаведнасці з прынцыпамі транспарэнтнасці і падсправаздачнасці грамадзянам краіны, якімі, здавалася б, мусяць кіравацца дэпутаты, бягучая версія законапраекту павінная была б быць даступная і ім, як зрэшты і проста зацікаўленым грамадзянам. Варта таксама ўзгадаць, што “грамадскае абмеркаванне” змяшчае ў сабе слова “абмеркаванне”, якое самім значэннем прадугледжвае празрыстасць працэсу. І здзекам выглядае прапанова скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы праз збор подпісаў, пры немагчымасці ацаніць існуючы тэкст.

Сытуацыю камэнтуе юрыст Юры Чавусаў: “Склалася парадаксальная сітуацыя: праект закону “Аб абыходжанні з жывёламі” быў ініцыяваны пад ціскам грамадскасці, побач з увядзеннем крымінальнай адказнасці за жорскае абыходжанне з жывёламі (якая ўжо дзейнічае). Гэты нарматыўны акт прыцягвае вялікую ўвагу грамадскасці, зааабарончых арганізацыяў і простых грамадзянаў. Але ўжо паўтара года ён ляжыць у Палаце Прадстаўнікоў, і надзейнай інфармацыі пра цяперашні выгляд законапраекта не агучваецца. Так, профільная камісія заўляе пра намер вынесці законапраект на разгляд парламенту на бліжэйшай сэсіі – але сам тэкст дакумента застаецца схаваным ад грамадскасці. На дзяржаўных сайтах ёсьць толькі папярэдняя версія, якая выносілася год таму на грамадскае абмеркаванне. У часе якога да законапраекта падаваліся сотні прапановаў ад зацікаўленых суб’ектаў, але застаецца невядомым, якія прапановы былі ўлічаныя, ніякай абагульненай інфармацыі пра вынікі грамадскага абмеркавання не падаецца. Больш за тое, з каментароў профільнай камісіі парламенту вынікае, што пры падрыхтоўцы законапраекта да першага чытання яна ў першую чаргу кансультавалася з дзяржаўнымі ведамствамі, запрашала прадстаўнікоў выканаўчай улады на свае пасяджэнні. Атрымліваецца, што ініцыятары законапраекта – грамадскія арганізацыі, апынуліся адсунутымі ад працы з тым законапраектам, які самі ініцыявалі. Гэткая таямніца выклікае ў зааабаронцаў справядлівую насцярожанасць: ёсьць рызыка, што той законапраект, які будзе вынесены на разгляд парламенту на веснавой сэсіі, будзе істотна адрознівацца ад распрацаванага рабочай групай, і не вырашыць тых грамадскіх пытанняў, дзеля якіх ён і быў уласна ініцыяваны.”

Таксама, і прэс-служба ПП НС, якая тэарэтычна павінная спрыяць інфармаванасці грамадзянаў, замест гэтага нараджае пасажы, якія можна заносіць у музэй бюракратычнай бяссэнсіцы. Так, напрыклад, 28 лютага адбылося пашыранае паседжанне Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву, прысвечанае законапраекту “Аб абыходжанні з жывёламі”. І сайт Палаты Прадстаўнікоў інфармуе: “По итогам заседания члены комиссии сошлись во мнении о необходимости более детальной проработки отдельных норм законопроекта, исключив излишнюю конкретизацию отношений в данной сфере”* (вылучэньне нашае). Фантастычна яркі прыклад канцылярскага стылю, у якім узаемасупярэчлівае шматслоўе хавае адсутнасць інфармацыі.

* http://www.house.gov.by/ru/news-ru/view/28-fevralja-2017-goda-sostojalos-rasshirennoe-zasedanie-postojannoj-komissii-palaty-predstavitelej-po-52450-2017

Нагадаем, законапраект “Аб абыходжанні з жывёламі” маецца разглядаць на бліжэйшай сэсіі ПП.