Прапанова

Дата публікацыі: 29.10.2018

Сёлета Гомель адзначае 150 год з дня нараджэння выдатнага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага (1868 – 1937 гг.). Ушанаванне памяці гэтага чалавека – важная справа, як для Гомеля, так і для ўсёй краіны.

Станіслаў Шабунеўскі

Дзякуючы бездакорнаму густу, таленту і прафесіяналізму Шабунеўскі напрыканцы 19 – пачатку 20 стст. стаў вельмі запатрабаваным архітэктарам. Яго будынкі сёння можна пабачыць на тэрыторыі Расіі (Бранская вобласць), Беларусі (Магілёўская і Гомельская вобласці). Але найбольшы ўклад Шабунеўскі зрабіў у архітэктуру Гомеля.

Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі нарадзіўся ў 1868 годзе ў вёсцы Скароднае Мазырскага павету Мінскай губерні (сёння Ельскі раён Гомельскай вобласці). Пасля сканчэння Інстытуту грамадзянскіх інжынераў у Санкт-Пецярбургу ў 1896 годзе быў накіраваны на працу ў Гомель, а ўжо ў 1897 стаў працаваць галоўным архітэктарам горада. У дарэвалюцыйныя часы па праектах архітэктара былі пабудаваныя: будынак мужчынскай класічнай гімназіі (стары корпус Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту транспарту), будынкі шпіталяў (Камісарава, 13, 23, 25), даходны дом Грошыкава (вугал Білецкага – Баўмана), дом доктара Аляксандрава (Ірынінская, 11), чыгуначная вучэльня (Кісялёва, 2), Арлоўскі банк (вугал Савецкай – Ірынінскай), Віленскі банк (вугал Савецкай – Сялянскай) і інш. У лік найбольш значных будынкаў Шабунеўскага ўваходзіць гасцініца «Савой», якая была пабудавана ў 1912 годзе. Ад будынку захавалася толькі “каробка”, якая сёння знаходзіцца ў аснове кінатэатра імя Калініна.

У савецкія часы Шабунеўскі працягнуў сваю прафесійную дзейнасць на карысць любімага горада. Архітэктар паспеў спраектаваць у Гомелі «Шэры дом» (Пушкіна, 26), «Дом рыбы» (пр-т Леніна, 31) і інш. Па наватарству архітэктуры ў спіс лепшых праектаў Шабунеўскага можна залічыць гомельскі Дом-камуну (пр-т Леніна, 51).

У 1931 годзе Станіслаў Шабунеўскі быў арыштаваны органамі ОГПУ і асуджаны на 10 год з адбываннем пакарання на Беламорканале. Паводле вусных крыніц – успамінаў старажылаў Гомеля, архітэктар вярнуўся ў Гомель у сярэдзіне 1930-х гг., але ў 1937-м быў паўторна арыштаваны. У кнізе В. М. Чарнатава «Станіслаў Шабунеўскі» пазначана, што архітэктар памёр у 1937 годзе «ў месцах пазбаўлення волі». Іншыя звесткі пра апошнія дні жыцця Шабунеўскага пакуль невядомыя.

У 1957 годзе справа Станіслава Шабунеўскага была закрыта за адсутнасцю складу злачынства. 20 кастрычніка 1989 года архітэктар быў рэабілітаваны пракуратурай БССР.

Станіслаў Шабунеўскі стварыў архітэктурны воблік цэнтральных вуліц Гомеля. Таму ў яго гонар варта назваць менавіта адну з цэнтральных вуліц горада. Для ўшанавання памяці архітэктара ў Гомелі, лічым, што найбольш мэтазгодна перайменаваць сённяшнюю вуліцу Камсамольскую ў гонар Станіслава Шабунеўскага.

Сённяшняя вуліца Камсамольская пачала фармавацца з сярэдзіны 19 стагоддзя. У дарэвалюцыйныя часы розныя яе ўчасткі мелі назвы: Пятая Папярэчная, Паштовая, Гімназічная, Вучылішчная, Аляксандраўская. Апошнія тры назвы звязаны з пабудовай напрыканцы 19 стагоддзя навучальнай установы – мужчынскай класічнай гімназіі імя Аляксандра ІІ. У савецкія часы вуліца была перайменаваная ў вул. Леніна, а ў 1960 годзе яна атрымала сённяшнюю назву – Камсамольская.

Назвы вуліцы ў мінулым даволі часта змяняліся. Савецкія назвы палітызаваныя і не прывязаныя да гарадскога кантэксту.

Сённяшняя вуліца Камсамольская па некалькіх прычынах найбольш падыходзіць для таго, каб перайменаваць яе ў гонар Станіслава Шабунеўскага:

I. Вядома, што найбольш імкліва вуліца пачала развівацца пасля таго, як на ёй у 1898 годзе была пабудавана мужчынская класічная гімназія па праекту Станіслава Шабунеўскага. Менавіта архітэктар выбраў і прапанаваў найбольш удалае месца для будаўніцтва гэтага аб’екту, хаця першапачаткова планавалася размясціць гімназію на вуліцы Мільённай (сёння Білецкага). Напрыканцы 19 стагоддзя па сваёй архітэктуры будынак мужчынскай гімназіі стаў найбольш значным у Гомелі пасля палаца Румянцавых і Паскевічаў.

Мужчынская гімназія

II. Зараз у будынку былой мужчынскай гімназіі размяшчаецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, які рыхтуе будучых архітэктараў і будаўнікоў. Для студэнтаў, якія абралі гэтыя спецыяльнасці, важна ведаць свайго выдатнага папярэдніка, каб мець станоўчы прыклад для прафесійнага развіцця.

III. На вуглу вуліц Камсамольскай і Савецкай раней размяшчалася гімназія Ратнэра, якая была пабудавана па праекту Станіслава Данілавіча ў 1907 годзе. Каля сённяшняй вуліцы Камсамольскай у раёне цырку знаходзіўся дом Шабунеўскага. Такім чынам, на пачатку і ў канцы вуліцы размяшчаліся аб’екты, якія былі звязаны з жыццём і творчасцю Станіслава Шабунеўскага.

Будынак гімназіі Ратнэра пасля Другой Сусветнай вайны

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, лічым, што прапанова аб перайменаванні вуліцы Камсамольскай у вуліцу Станіслава Шабунеўскага з’яўляецца абгрунтаванай. Вуліца «Станіслава Шабунеўскага» – назва эстэтычная і актуальная. Яна адпавядае гісторыка-культурнаму зместу састаўной частцы населенага пункта Гомеля, які цягнецца ад вуліцы Савецкай да плошчы Перамогі (сённяшняя вул. Камсамольская).

Просім:

I. Разглядзець дадзеную прапанову аб перайменаванні састаўной частцы населенага пункта Гомеля адпаведна Закону Рэспублікі Беларусь ад 16.11.2010 № 190-3 «О наименованиях географических объектов»

II. Запрасіць прадстаўнікоў грамадскасці праз першага заяўніка на пасяджэнне тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкама, на якім будзе разглядацца дадзеная прапанова.

На фрагменце карты горада аранжавым колерам вылучана вуліца Камсамольская, якую прапаноўваецца перайменаваць у гонар Станісава Шабунеўскага.