У гэтым годзе, 25 сакавіка, беларусы адзначылі чарговую гадавіну ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
У звязку з тым, што праз два гады наша краіна будзе адзначаць 100-годдзе БНР, грамадзянская кампанія «Гавары праўду» лічыць своечасовым ужо зараз распачаць працу над мастацкім тэлесерыялам пра тыя гістарычныя падзеі.
За апошнія гады ўвага да гэтай знакавай у гісторыі беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці падзеі непараўнальна падвысілася. Але яе па ранейшаму мала. Як на грамадскім, так і дзяржаўным узроўні.
Гэтыя падзеі сталіся новым важным крокам у адбудове беларускай незалежнасці, утварэнні беларускай дзяржавы і ўрэшце – сённяшняй Рэспублікі Беларусь.
У цяперашніх палітычных варунках вельмі важна паказаць, што нашыя свабода, незалежнасць, дзяржаўнасць – зусім не шчаслівы выпадковы падарунак лёсу, а вынік векавога змагання цэлых радаводаў, многіх пакаленняў, тысяч і тысяч патрыётаў за беларускую будучыню.
Гэты мастацкі серыял паспрыяе не проста годнаму ўшанаванню 100-годдзя БНР, але і таму, каб нацыянальнае свята стала сапраўды ўсенародным.
Таксама прапануем Міністэрству культуры выступіць з ініцыятывай абвясціць 2018 год Годам стагоддзя БНР і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму.
Для таго, каб падтрымаць кампанію, запоўніце, калі ласка, абавязковыя палі і націсніце“Адправіць”. Вашы кантактныя дадзеныя будуць прымацаваныя да двух калектыўных зваротаў і накіраваныя праз электронную форму, размешчаную на сайтах дзяржаўных органаў.
Калектыўныя звароты будуць накіраваныя ў Міністэрства культуры і ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 20 мая 2016 г.!
Калектыўныя звароты складзеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” №300-З ад 18.07.2011 г. і падлягаюць абавязковаму разгляду дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь.
Адказы з Міністэрства культуры і Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павінны прыйсці на пазначаны ў калектыўным звароце адрас электроннай пошты першага ў спісе заяўніка або могуць быць апублікаваныя на сайтах указаных дзяржаўных органаў праз 15 дзён з моманту рэгістрацыі звароту.