Дзяды – восеньскія дні памінання продкаў. У гэты час у большасці рэгіёнаў Беларусі людзі прыходзяць на могілкі, каб прыбраць іх і ўшанаваць памяць продкаў. Ад 1991 да 1996 года Дзяды былі непрацоўным днём. Гэта давала магчымасць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, падбаць пра добраўпарадкаванне могілак.
У каталіцкай традыцыі 1 лістапада – Урачыстасць усіх святых, 2 лістапада – Дзень задушны, калі памінаюць усіх памерлых. Штогод каталіцкія біскупы ў сваіх пасланнях нагадваюць вернікам (а такіх у Беларусі, па афіцыйных дадзеных, не менш за 1,4 мільёну, ці каля 15% насельніцтва, а ў Гродненскай вобласці – 60% насельніцтва) пра абавязак наведаць могілкі. Гэтую норму цяжка рэалізаваць у сучасных умовах адсутнасці непрацоўнага дню 1 ці 2 лістапада.
Праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў – Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выходным. Больш таго, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў. Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада па старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці, што мае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі дадзенай дэнамінацыі.
Нагадваем, што забеспячэнне рэалізацыі правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоду сумлення і веравызнання з’яўляецца адным з ключавых элементаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
У мэтах дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, захавання добразычлівых адносінаў перад прадстаўнікамі розных канфесій, рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду сумлення, навядзення парадку на зямлі шляхам добраўпарадкавання могілак, выхавання моладзі ў духу пашаны да продкаў патрабуем зрабіць 1 і 2 лістапада нерабочымі днямі ў Беларусі, пачынаючы з 2019 года, і замацаваць гэта адпаведным нарматыўна-прававым актам.
Каб падтрымаць Кампанію, запоўніце, калі ласка, абавязковыя палі і націсніце “Даслаць”. Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Савет Міністраў, Адміністрацыю Прэзідэнта на адрас электроннай пошты ― 1 лістапада 2018 года
Зварот складзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі Закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” №300-З ад 18.07.2011 г. і падлягае абавязковаму разгляду дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь.